Рэстаўрацыя былога палаца пачалася. Згодна з праектам, будынак аднаго з самых знакамітых гістарычных помнікаў краіны павінен адпавядаць абліччу XVІ стагоддзя, хоць і пабудаваны значна раней. Яшчэ ў XІІ стагоддзі замак стаў галоўнай рэзідэнцыяй правіцеля ВКЛ Вітаўта. Кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый перабудаваў замак у стылі Рэнесансу.

Фото: Звязда

Абарончыя сцены захоўваюць элементы яшчэ з часоў Вітаўта, які на месцы драўлянай крэпасці Гродзенскага замчышча пабудаваў з каменя і цэглы гатычны замак з пяццю вежамі. У такім выглядзе ён прастаяў да 1580 года, пасля чаго абарончы замак пад кіраўніцтвам Стэфана Баторыя пераўтварыўся ў двухпавярховы каралеўскі палац, багаты на розныя ўпрыгожванні і шыкоўны інтэр'ер. Але новая рэзідэнцыя не прынесла яе гаспадару шчасця. У хуткім часе кароль Рэчы Паспалітай, тут у Гродне, раптоўна адчуў недамаганне, і праз некалькі дзён яго не стала. Упершыню ва Усходняй Еўропе было зроблена анатамічнае анатаміраванне цела караля, але прычыну смерці так і не высветлілі.

Пацярпеў і Гродзенскі замак. Ён быў разбураны наступнымі войнамі, у XVІІ стагоддзі яго адбудавалі без былога каралеўскага глянцу. Воблік яшчэ больш спрасціўся, калі ў XІX стагоддзі на тэрыторыі палаца размясцілі казарму, афіцэрскае казіно і ваенную бібліятэку. У такім выглядзе ў сярэдзіне 20-х гадоў мінулага стагоддзя Стары замак перадалі археалагічнаму музею, на яго тэрыторыі пачаліся раскопкі, у выніку чаго ўдалося выявіць рэшткі знакамітай Ніжняй царквы, якая была пабудавана ў часы Вітаўта. Яна ўваходзіць у музейны комплекс. А руіны абарончага вала сёння сталі глядзельнай пляцоўкай, адкуль можна ўбачыць панараму наднёманскіх краявідаў.

Цяпер выгляд самога будынка, узятага ў шэрую тынкоўку, не ўражвае. Нічога агульнага з сапраўдным замкам. Вось гэтую акалічнасць і спрабуюць выправіць.

Чаму будзе праект «паводле Баторыя»

Рэстаўрацыя даўно наспела. Але спецыялісты ніяк не маглі вызначыцца, якім павінен стаць канчатковы выгляд замка. Спрэчкі вяліся яшчэ з 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Ад варыянта ўзнаўлення «паводле Вітаўта» ў стылі готыкі прыйшлося адмовіцца — ад тых часоў мала што засталося. Тады за аснову было вырашана ўзяць праект мінскага архітэктара Уладзіміра Бачкова. Ён прапанаваў узнавіць замак у стылі Рэнесансу, гэта значыць часоў Стэфана Баторыя. Каралеўскі палац будаваўся па італьянскім праекце і ўражваў веліччу і дэкорам. Элементаў той эпохі дайшло значна больш.

Была прапанова разам з замкам узнавіць Ніжнюю царкву і вежы часоў Вітаўта па перыметры абарончай сцяны. Але і ад гэтага ў хуткім часе адмовіліся, бо няма звестак аб тым, як яны выглядалі. Разам з тым палац Стэфана Баторыя можна рэстаўрыраваць з вялікай доляй дакладнасці: да нас дайшла выява палаца на гравюры 1600 года Тамаша Макоўскага.

Распрацоўка эскізных праектаў вядзецца інстытутам «Гроднаграмадзянпраект». Першая чарга ўключае работы па будаўніцтве і рэканструкцыі паўночна-заходняй часткі з Сярэдняй вежай, брамай і прыбудовай XVІІ стагоддзя, закрытай галерэі і прыбудаванай да яе камяніцы. Пасля доўгіх дэбатаў і пошукаў сродкаў работы, нарэшце, пачаліся. Першы этап рэканструкцыі працягнецца да 2020 года.

Фото: Звязда

Што паказала разборка пластоў

Стары замак ужо ператварыўся ў будаўнічую пляцоўку. Пра маштабы работ сведчыць той факт, што задзейнічаны ў рэканструкцыі два буйныя прадпрыемствы: «Гроднапрамбуд» і «Гроднажылбуд». Работа ідзе па розных кірунках. Асноўнае — разборка больш позніх пластоў. З кожным днём з-пад шэрай тынкоўкі праступаюць новыя ўчасткі старажытнага муру. Ён бачны ўжо на большасці сцен. Ход работ уважліва адсочваюць спецыялісты — будаўнікі сумесна з праектантамі.

Па словах галоўнага архітэктара «Грамадзян-праекта» Алега Шымбарэцкага, нюансаў нямала, таму што кожная аперацыя патрабуе індывідуальнага падыходу, спецыяльнага інструменту, што ўскладняе работу. Да таго ж адчуваецца адсутнасць службаў, якія займаюцца арганізацыйнымі пытаннямі. Гэта важна яшчэ і з той прычыны, што рэстаўрацыя замка мае першую катэгорыю, найбольш ашчадную ў захаванні аўтэнтычнасці.

Напрыклад, зараз разглядаецца пытанне па ўмацаванні ўязной аркі, якая знаходзіцца ў аварыйным стане.

— Стан арыгінальнай аркі выклікае трывогу, бо ёсць шмат выпадзенняў, — паведаміў Алег Шымбарэцкі. — Сцяна крывая, і невядома, як яе ўмацаваць. Мы падвялі страховачныя бэлькі, выканалі іншыя супрацьаварыйныя мерапрыемствы, але неабходна зрабіць больш шчыльнае прымыканне.

Здараюцца прыемныя знаходкі. Пры расчыстцы галерэі, якая злучае дзве часткі замка, будаўнікі днямі дайшлі да пласта пліткі XVІ стагоддзя. Для гэтага ім прыйшлося зняць паўметра будаўнічага смецця і новай падлогі. Калі галерэя набудзе канчатковы выгляд, старажытная плітка зноў зойме сваё першапачатковае месца, а зараз яна складзіруецца ў сховішчы, паведамілі работнікі музея. Знойдзена ў галерэі і чарапіца каралеўскай эпохі, якая таксама будзе выкарыстана пры рэканструкцыі.

Згодна з праектам, галерэя будзе адкрыта для наведвальнікаў, якія змогуць выйсці на адкрытую пляцоўку і палюбавацца панарамай горада. Адбудзецца гэта не раней, чым праз 2−3 гады. Вясной пачнуцца работы па разборцы даха і мура, які зроблены пазней за XVІ стагоддзе. Затым замак будзе дабудоўвацца паводле праекта.

Сюрпрызы падземнага замчышча

Паралельна з расчысткай сцен будаўнікі і навукоўцы вядуць раскопкі. Гэта знакавае месца, бо адсюль, з Замкавай гары, і пачаўся горад Гродна, якому амаль 900 гадоў. Супрацоўнік аддзела археалогіі Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Алесь Гаршкоў паведаміў, што ўжо дайшлі да пластоў XІV стагоддзя, якія сведчаць аб былых пажарах. Тым не менш ёсць нямала цікавых знаходак. Гэта ў асноўным металічныя нажы, цвікі, гузікі, манеты, фрагмент гарматы, гаршковыя кафлі.

А літаральна днямі ўсе былі ўзрушаны новай знаходкай — шахматнай ладдзёй, вырабленай з рога. Дарэчы, шахматную ладдзю, але з жоўтага каменя і іншай формы, тут знайшлі яшчэ ў 1930-я гады. Мяркуюць, што яна адносіцца да XІІ стагоддзя. Па гэтым узоры гродзенскі скульптар Уладзімір Панцялееў высек з каменя павялічаную выяву старажытнага судна — ладдзі, якая ўстаноўлена каля замка на беразе Нёмана. Новая знаходка не менш каштоўная, бо таксама старажытная, хоць і адносіцца да больш позняга XVІ стагоддзя. Такі «ўзрост» вызначыў аўтар знаходкі Аляксандр Хацько, навуковы супрацоўнік музея. Ён параўнаў аналагі, якія захоўваюцца ў еўрапейскіх і беларускіх фондах, і зрабіў вывад, што гэта — надзвычай каштоўная рэч.

Навукоўцы музея ставяць задачу дасягнуць «матэрыка», гэта значыць даследаваць увесь культурны пласт, заглыбіцца на сем метраў. Тут могуць быць пласты ранейшых паселішчаў, можа, нават, жалезнага веку. Чаранковыя наканечнікі гэтага перыяду былі знойдзены падчас раскопак 30-х гадоў. Апантаныя археолагі мяркуюць працаваць і зімой. Калі пачнецца актыўная фаза рэканструкцыі, тут усё замуруюць, і для археалогіі гэты пласт будзе страчаны, растлумачыў Алесь Гаршкоў. Згодна з праектам, на месцы раскопак будзе пабудавана так званая мерная хата тых часоў. Круты схіл, на якім на вышыні амаль 30 м стаіць Стары замак, будзе ўмацаваны, а на час рэканструкцыі збіраюцца зрабіць навясны мост для будаўнікоў.

-10%
-40%
-10%
-20%
-20%
-10%
-40%
-10%
-61%