• Экспертиза
  • От застройщика
  • Строительство
  • Аренда
  • Офтоп
  • Деньги
  • Интерьер, дизайн, ремонт
  • Архив новостей
    ПНВТСРЧТПТСБВС
  • ЦЕНА НА КВАРТИРЫ

Офтоп


Нэлі Зігуля,

Сёлета павінен быць зацверджаны генеральны план развіцця Магілёва да 2025 года. Яго грамадскае абмеркаванне закончылася яшчэ летась, але ўсё яшчэ існуюць спрэчныя пытанні па Падміколлі — адной з гістарычных зон горада, дзе цяпер ствараецца гарадскі парк.

Рэспубліканскі архітэктурна-горадабудаўнічы Савет пры Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва параіў Магілёўскаму гарвыканкаму правесці круглы стол для выпрацоўкі канкрэтных рашэнняў па развіцці названай тэрыторыі. Удзел у ім прынялі дэпутаты гарсавета, прадстаўнікі Магілёўскага аблвыканкама, Свята-Мікольскага жаночага манастыра і грамадскасці.

Фота: Алесь Сабалеўскі, "Звязда"

У пошуках кансэнсусу

Тут сышліся гістарычныя, рэлігійныя, прыродаахоўныя інтарэсы. Два месяцы таму «Звязда» пісала пра тое, што частка жыхароў выступіла супраць будаўніцтва ў Падміколлі фестывальнай пляцоўкі і гандлёва-забаўляльнага цэнтра. Іх меркаванні ўлічаны.

Але ёсць разыходжанні ў поглядах па іншых пытаннях. Напрыклад, наконт спуску ад плошчы Арджанікідзэ да галоўнага ўваходу ў парк. Галоўны архітэктар праекта, начальнік архітэктурна-планіровачнага аддзела інстытута «Магілёўграмадзянпраект» Таццяна Бельская прапаноўвае парадную лесвіцу з ратондамі, агляднымі пляцоўкамі і фантанамі.

А вось старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч лічыць, што танней будзе аднавіць Алейную браму і стварыць падземны пераход. Гэта, маўляў, болей упішацца ў прапанаваны тым жа архітэктарам варыянт «вясельнай зоны» — своеасаблівага вострава са штучнымі воднымі каналамі.

Няма аднадумства адносна развіцця ландшафтна-рэкрэацыйнай зоны Падміколля. Прыхільнікі гарадской ініцыятывы з аднайменнай назвай, напрыклад, выступаюць за стварэнне тут батанічнага саду і некалькіх паркавых зон для дзяцей, моладзі і людзей больш сталага ўзросту.

Адраджэнне святыні

Дакладна вядома, што тэрыторыю Падміколля ўпрыгожыць Свята-Пакроўская царква, дазвол на будаўніцтва якой ужо ёсць. Для праваслаўных яна каштоўная яшчэ і тым, што гэта апошняе месца служэння святога магілёўскага архіепіскапа — свяшчэннамучаніка Паўліна, які быў расстраляны ў 1937 годзе. Па блаславенні епіскапа Магілёўскага і Мсціслаўскага Сафронія адраджэннем святыні ўжо сёлета зоймецца Свята-Мікольскі жаночы манастыр.

Свята-Пакроўская царква наогул знамянальны для Падміколля аб'ект, бо раней, калі яна існавала, мясцовасць так і называлася — Пакроўскі пасад. Рэшткі яе званіцы ў гонар Архангела Міхаіла археолагі знайшлі ў 2014 годзе падчас раскопак. Царква і званіца былі пабудаваны ў ХVІІ стагоддзі і знесены ў 1948 годзе. Храм плануецца аднавіць на тым жа самым месцы, дзе яна і знаходзілася, прыкладна за 400 метраў ад Свята-Мікольскага манастыра.

Фота: Алесь Сабалеўскі, "Звязда"

Не выключана, што з часам будуць адроджаны і іншыя культавыя будынкі, якія калісьці ўпрыгожвалі Падміколле, — касцёл Святога Антонія і сінагога. Але на ўсё патрэбныя грошы, і нават спецыялісты яшчэ не заглядюць так далёка ў будучыню.

- Цяпер дарогу праектуем, будзем прапрацоўваць спуск каля цэнтральнай алеі, першая чарга якой ужо зроблена. Наперадзе яшчэ шмат працы, — каротка растлумачыў галоўны архітэктар горада Уладзімір Скачак.

Даверымся спецыялістам

Актыўнасць грамадзян прымушае спецыялістаў асабліва адказна адносіцца да сваёй задачы.

— У Магілёве вельмі неабыякавая грамадскасць, і тое, што гараджане так хвалююцца за будучыню свайго горада, радуе, — адзначыла намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Ала Галушка. — Не страшна, што так шмат прапаноў. Гэта дае магчымасць знайсці найлепшы варыянт, зрабіць з гэтага месца разыначку.

Старшыня пастаяннай камісіі па эканамічным развіцці, інвестыцыйнай і інавацыйнай дзейнасці, прадпрымальніцтве Магілёўскага гарсавета дэпутатаў Уладзімір Кавуноў лічыць, што ў гэтай справе трэба больш даверыцца прафесіяналам.

— Падміколле для кожнага магіляўчаніна — знакавае месца, гістарычнае, экалагічнае, — кажа ён. — Таму нельга даваць яго на водкуп грамадскасці. Бо колькі людзей, столькі меркаванняў. Калі кожнае ўлічваць, можна наогул нічога не зрабіць. Але гэтым павінны займацца спецыялісты. Дзякуючы ім у Магілёве ўжо існуюць прыгожыя зоны адпачынку ўздоўж ракі Дубравенкі, у Буйнічах. І гэта будзе не горш.

Галоўны архітэктар вобласці Аляксей Новікаў:

— Генеральны план Магілёва распрацоўваўся галаўным інстытутам рэспублікі, яго стварала, аналізавала, абмяркоўвала вялікая колькасць людзей. Падміколле захаваецца як зона ціхага, актыўнага адпачынку. Прапановы вітаюцца, свежыя ідэі таксама, але праекціроўшчыкі прынцыпова спрабуюць захаваць гісторыю, аднавіўшы частку той архітэктуры, якая характэрна была для губернскага Магілёва.

Нужные услуги в нужный момент
-10%
-75%
-80%
-35%
-10%
-10%
-50%
-50%
0058353