Новости
Экспертиза
От застройщика
Аренда
Деньги
Интерьер, дизайн, ремонт
Офтоп
Сервисы
Каталог компаний
Кредиты на жильё
Вопрос-ответ
Форумы
реклама
реклама
реклама

Строительство


Сяргей Куркач,

Журналіст "Звязды" разам са спецыялістамі інтэрнэт-партала Rеаlt.bу паспрабавалі зрабіць аналіз рынку зямельных участкаў у прысталічным рэгіёне Беларусі. 



Кошты — угору

У цэлым практычна па ўсіх напрамках назіраецца павялічэнне коштаў, аднак яго тэмпы значна ніжэйшыя, чым на жыллё ў сталіцы. Што тычыцца ўчасткаў паблізу Мінскага мора, то не варта разглядаць зніжэнне цэн як нейкую тэндэнцыю. Гэта найвышэйшы цэнавы сегмент, дзе кошты ніколі не зніжаюцца ніжэй за 3000 долараў за сотку. Леташні жнівень хутчэй выглядае як анамалія, бо больш з тых часоў такога высокага значэння там зафіксавана не было.

На думку экспертаў, найбольшым попытам карыстаецца менавіта "незавершанка", але абавязкова з усімі неабходнымі камунікацыямі і зручным пад’ездам. Яе кошт у лепшых зонах індывідуальнай забудоўлі можа даходзіць да 150 тысяч долараў. Добрым попытам карыстаюцца і прыватныя "бюджэтныя" дамы коштам да 30 тысяч долараў на адлегласці 30 км ад Мінска. Звычайная хата ў вёсцы, у 60 км ад сталіцы, каштуе ад 5 да 10 тысяч, а дачу на адлегласці 50 км можна набыць у сярэднім за 10-25 тысяч долараў.

Найбольш папулярнымі напрамкамі з’яўляюцца Лагойскі і Маскоўскі, дзе, акрамя чыстага паветра, ёсць яшчэ гарналыжныя комплексы і аздараўленчыя цэнтры. Таксама запатрабаваны Ракаўскі і Маладзечанскі напрамкі, за імі ідуць Мядзельскі, Брэсцкі і Слуцкі. Калі чалавек выбірае нерухомасць непасрэдна для жыцця, то ён спыніцца на блізкім прыгарадзе ў 5-10 км ад Мінска альбо выбярэ прыгарад з аддаленнем у 10-20 км.

Участкі і дамы, якія знаходзяцца досыць далёка, звычайна набываюць для сезоннага знаходжання. У асобных выпадках павышаную цікавасць пакупнікі праяўляюць да зямельных участкаў у запаведных зонах — Налібоцкай пушчы, Бярэзінскім біясферным запаведніку, у раёне Браслаўскага возера, азёр Нарач і Свір, але там прадаўцы катэджаў трымаюць залішне высокія кошты.

Аналітыкі адзначаюць, што з пачатку года на другасным рынку загараднай нерухомасці было прыкметнае ажыўленне. Звязана гэта з пераацэнкай і як вынік — павелічэннем кадастравага кошту зямлі на першасным рынку. Кошт участкаў у прыгарадзе, пры набыцці іх на аўкцыёнах, ужо істотна павялічыўся, таму другасны рынак, больш інэртны ў дачыненні да цэнавых карэкціровак, стаў больш прывабным для пакупнікоў.
 
"Прапіска" мае рэальны кошт

У аснове цэнаўтварэння ўчасткаў ляжыць кадастравы кошт зямлі. Ён у першую чаргу залежыць ад месцазнаходжання зямлі, эканамічнага стану рэгіёна і плацежаздольнасці насельніцтва. У Нацыянальным кадастравым агенцтве нам паведамілі, што самы вялікі кадастравы кошт зямлі ў сталічным рэгіёне, а таксама ў абласных цэнтрах і буйных гарадах раённага падпарадкавання, дзе рынак нерухомасці найбольш актыўны. А вось танней за ўсё зямельныя ўчасткі ў сельскіх населеных пунктах у Магілёўскай вобласці, за выключэннем тэрыторый, прылеглых да горада Магілёва. Калі ў Мінску кошт соткі зямлі для размяшчэння жылой сядзібнай забудовы можа дасягаць 30 тысяч долараў, то, напрыклад, у горадзе Клецку ён не вышэйшы за 300 долараў. На кошт канкрэтнага зямельнага ўчастка яшчэ ўплываюць плошча і канфігурацыя; такія паляпшэнні, як камунікацыі, інжынерная інфраструктура, блізкасць вадаёмаў, лясы і шмат чаго іншага.
 
50 мільёнаў — за "сотку"

У першай дэкадзе верасня ў Мінскім раёне адбыўся аўкцыён па продажы зямельных участкаў пад індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва. І гэты аўкцыён праходзіў дастаткова ажыўлена. Нягледзячы на тое, што ў зале сабралася дастаткова шмат людзей, паводле назіранняў экспертаў, непасрэдна ў таргах прымалі ўдзел не больш за палову з іх.

З 21 участка, што былі выстаўлены на аўкцыён, таргі праходзілі толькі па 9. Першы лот таргоў, размешчаны ў вёсцы Драздова (Бараўлянскі с/с ), адразу ж задаў настрой усяму аўкцыёну. Участак агульнай плошчай 15 сотак (электрычнасць, газ) быў ацэнены і прададзены за 695 млн рублёў (каля 76 тысяч долараў). Самая вялікая колькасць заявак (12) была пададзена на ўчастак, размешчаны ў аграгарадку Калодзішчы. Зямельны надзел агульнай плошчай амаль 12 сотак быў прададзены за 289 млн рублёў, што адпавядае 32 тысячам долараў. Размешчаны па суседстве з ім участак стаў наступным па папулярнасці, бо за яго "галасавала" 10 чалавек. Найбольш гарачая барацьба разгарнулася паміж двума ўдзельнікамі, а таргі спыніліся на адзнацы ў 404 млн рублёў (44 тыс. долараў).

Не стаў нечаканасцю і ажыятаж з нагоды ўчастка ў аграгарадку Хацежына — на яго было пададзена 8 заявак. Пасля непрацяглай барацьбы паміж удзельнікамі таргоў яго першапачатковы кошт павялічыўся больш чым у 2 разы і склаў 448 млн рублёў (каля 49 тыс. долараў). Зямельны ўчастак, што размешчаны ў вёсцы Брадок (Астрашыцка-Гарадоцкі с/с) быў прададзены з мінімальным ростам першапачатковага кошту на 10% (1 крок аўкцыёну) — за 88 млн рублёў. За два ўчасткі ў вёсцы Гатовіна Юзуфаўскага с/с змагаліся 3 прэтэндэнты. Па выніках таргоў іх кошт павялічыўся больш чым у 2 разы і склаў 66 і 55 млн рублёў. Наступны аўкцыён адбудзецца 27 верасня.
 
Першапачатковы кошт 14 сотак дасягае 500 мільёнаў

На гэтым спецыялізаваным аўкцыёне сталічнага рэгіёна багатым людзям нашай краіны прапануюцца даволі дарагія зямельныя лоты ў Ждановічах і Ратамцы. У аграгарадку Ждановічы кліентам даецца магчымасць набыць два ўчасткі па 14 сотак кожны за 498 і 507 млн рублёў адпаведна. Участкі знаходзяцца зусім недалёка ад Мінска. З іх тэрыторыі відаць мікрараён Каменная Горка. Побач з дарагімі катэджамі пасвяцца каровы і козы. За ўчасткамі ёсць невялікая сажалка. Адзін з іх размешчаны на невялікім узвышшы, другі — на яго схіле. Пад’язныя шляхі добрыя, бо непасрэдна да тэрыторыі лотаў пракладзены асфальт. Усе камунікацыі да ўчасткаў падведзены. З мінусаў — вельмі шумна ад МКАД.
У аграгарадку Ратамка на аўкцыён прапануецца два ўчасткі. Адзін з іх (плошчай 7,8 соткі) выстаўлены на таргі за 99 млн рублёў, а другі (плошчай 9,35 соткі) мае першапачатковы кошт 230 млн рублёў.
 
Калі месца каштуе мільёны

Зразумела, што цэннікі на зямельную нерухомасць даволі моцна адрозніваюцца ў залежнасці ад кірункаў нават у 50-кіламетровай зоне каля Мінска. Самая танная зямля існуе ў продажы па Мядзельскім кірунку, дзе кошт соткі пачынаецца з 300 долараў. У 25-кіламетровай зоне ад сталіцы сотка зямлі для індывідуальнага будаўніцтва прапануецца ўжо не менш чым за тысячу долараў. А вось непасрэдна пад Мінскам кошты на ўчасткі ўвогуле скачуць.

Так, напрыклад, у пасёлку Калодзішчы, што ў 5 кіламетрах ад МКАД, прапануецца ўчастак з незавершаным будаўніцтвам (фундамент). 11 сотак участка з усёй магчымай інфраструктурай каштуе 53 тысячы долараў. Цудоўны зямельны ўчастак у Лепельскім раёне на беразе возера Мгурына каштуе ўжо значна танней. Гэтыя 25 сотак у 250 кіламетрах ад Мінска прапануюцца кліентам усяго за 15 тысяч долараў.

Зусім незразумелыя цэны ўзнікаюць пры продажы маёмасці, узведзенай у суперэлітных месцах Беларусі. Напрыклад, цяпер у пасёлку Дразды выстаўлены на продаж двухузроўневы катэдж агульнай плошчай каля 300 квадратных метраў. У пакоях гэтага дома прысутнічае самая дарагая мэбля і сучаснае бытавое абсталяванне. Ёсць "цёплы" гараж на дзве машыны, кіназал, а на ўчастку — басейн з падагрэвам і ландшафны дызайн. Такі катэдж "пад ключ" прапануецца кліентам за 1 млн 780 тысяч долараў. Колькі каштуе там участак плошчай 12 сотак? Магчыма, што і мільён…
 
Спадзявацца на тое, што зямля стане таннейшай, не варта. Зямля — гэта рэсурс, якога ніколі не стане больш, таму каштоўнасць яго, безумоўна, узрастае, асабліва ў доўгатэрміновай перспектыве. Нават калі цяпер вам зямельны ўчастак не патрэбен, то, магчыма, праз нейкі час ён стане для вас скарбам. Як паказала кадастравая ацэнка Мінска, праведзеная Нацыянальным кадастравым агенцтвам летась, дэфіцытныя землі для размяшчэння жылой (сядзібнай) забудовы карыстаюцца вялікім попытам у сувязі з памяншэннем іх аб’ёму. Павысіўся попыт на зямлю ў прыгарадзе сталіцы і ў Мінскім раёне. Да таго ж ні мінчане, ні інвестары не хочуць ад’язджаць далёка ад горада. Адпаведна расце і кошт такіх зямельных участкаў. 

Другие новости